Главная | Библиопалитра | Літаратурны каляндар | Баравікова Раіса

Баравікова Раіса

70 гадоў з дня нараджэння

Баравікова Раіса Андрэеўна - паэтэса, перакладчыца, аўтар казак. Адна з яркіх прадстаўніц сучаснай беларускай паэзіі. Сябра Саюза пісьменнікаў СССР з 1977 года.

Нарадзілася 11 мая 1947 года ў вёсцы Пешкі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і служачага. Скончыўшы ў 1965 годзе сярэднюю школу, працавала ў Быхаўскай раённай газеце «Маяк Прыдняпроўя». У той час Раіса марыла прысвяціць сябе журналісцкай справе. Сустрэча з паэтам Аляксеем Пысіным змянілі яе планы. Ён пераканаў паэтэсу паступіць у Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве. Пасля заканчэння вучобы была накіравана на пасаду рэдактара кінастудыі «Беларусьфільм» (1971-1972). Працавала ў рэдакцыях рэспубліканскіх газет, часопісах «Алеся», «Маладосць».

У друку Раіса Баравікова выступае з 1960 года. Першыя яе публікацыі заўважылі і адобрылі вядомыя мастакі беларускай паэзіі: Пятрусь Броўка, Аркадзь Куляшоў, Пімен Панчанка. Першы зборнік паэтэсы «Рамонкавы бераг» выйшаў у 1974 годзе. Потым былі зборнікі «Слухаю сэрца» (1978), «Такое кароткае лета» (1981), «Адгукнуся голасам жалейкі» (1984), «Каханне» (1987, Літаратурная прэмія СП БССР імя А. Куляшова 1988), «Пад небам першага спаткання» (1990), «Люстэрка для самотнай» (1992, Дзяржаўная прэмія Беларусі 1993), «Дрэва райскай птушкі» (2007).

Яе зборнікі – гэта роздум пра час, абавязак перад Радзімай, сваім народам, пошук чалавечага шчасця. Яна вучыцца шчасцю сама і дзеліцца яго сакрэтамі з іншымі. Вядучае месца ў яе творчасці займае тэма кахання. Лірычная гераіня Баравіковай – асоба чулая, вытанчаная ў сваіх пачуццях, здольная да самаадданасці.

Выступае Раіса Андрэеўна і як празаік. У 1980 годзе з’явілася яе аповесць «Кватарантка» пра моладзь, каханне, пошукі свайго месца ў жыцці. Эпізоды беларускай гісторыі, гісторыі кахання адлюстраваны ў вострасюжэтнай драматычнай паэме «Барбара Радзівіл» (1992).

Апавяданні зборніка «Вячэра манекенаў» (2002) напісаны ў жанры псіхалагічнай фантастыкі. Калі чалавеку пачынае надакучаць будзённая аднастайнасць зямнога свету: ён шукае ў сваіх думках свет паралельны. Менавіта гэты, паралельны, свет пісьменніца вельмі арганічна ўпісвае ў свае творчыя фантазіі. У выніку атрымліваюцца займальныя і праўдзівыя сюжэты на тэмы жыцця і смерці, кахання і расчараванняў.

Піша для дзяцей. Аўтар прыгодніцкіх кніг казак і апавяданняў: «Галенчыны «Я», альбо Планета Цікаўных Хлопчыкаў» (1990), «Казкі з гербарыя» (2008), «Казачныя аповесці пра міжпланетнага Пажарніка і іншых мамурыкаў» (2010), «Казкі астранаўта: касмічныя падарожжа беларусаў» (2011).

Чытайце кнігі Раісы Баравіковай ў нашых бібліятэках
Вверх