Главная | Библиопалитра | Літаратурны каляндар | Бароўскі Анатоль

Бароўскі Анатоль

75 гадоў з дня нараджэння

Бароўскі Анатоль Мікалаевіч – пісьменнік-зямляк. Сябра Саюза пісьменікаў СССР і БССР з 1990 г.

Нарадзіўся 12 мая 1942 года ў вёсцы Крушнікі Мазырскага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і настаўніка. Пасля заканчэння Асавецкай сярэдняй школы (1960) працаваў у калгасе, потым на заводзе жалезабетонных вырабаў у Мазыры, настаўнікам пачатковых класаў у вёсцы Турбінка. Скончыў Мазырскі дзяржаўны педагагічны інстытут (1967).

Працаваў у мазырскай раённай газеце «Камуніст Палесся», інструктарам гаркома партыі, намеснікам дырэктара навучальні геалогіі (Мазыр).

Выступае як празаік, публіцыст, паэт і мастак. Больш за дваццаць гадоў займаў пасаду старшыні Гомельскага аддзялення грамадскай арганізацыі таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ). Старшыня абласнога аддзялення ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў».

Друкуецца з 1963 года. У 1982 годзе выйшла першая аповесць «Тросніца» ў калектыўным зборніку «Знаёмства». Якраз тады нарадзіўся яго любімы герой, малады хлопец, які толькі ўступае ў вялікае жыццё, шукае сваё прызначэнне, каханне, сэнц жыцця.

Выдаў кнігу на рускай мове пра свой родны Мазыр «Цветут над Припятью сады» ў сааўтарстве з Ю.М. Герасіменкам (1987).

Аўтар кніг прозы:

«Каліна пад акном» (1987). Лірычны характар зборніка выразна падкрэслівае загалоўкі твораў «Вера-Вераніка», «Шыпшынавы цвет», «Верасы», «На схіле дня». Спрыяе гэтаму і дасканалае апісанне краявідаў Палесся, дзе ў асноўным адбываецца дзеянне твораў;

«Азірніся ў каханні» (1994). У аповесці «Азірніся ў каханні» ў фантастычнай форме пісьменнік разважае аб сутнасці чалавека і ягоных асноўных якасцях. У другой аповесці, якая ўвайшла ў зборнік, «Бронік-афганец» А. Бароўскі спрабуе аб’яднаць і асэнсаваць дзве агульнанацыянальныя трагедыі – Афганістан і Чарнобыль і іх уплыў на чалавечую душу і долю нацыі ў цэлым. Лёс герояў трэццяй аповесці «Княжабор» звязаны з лесам. Як захаваць прыроду, яе чысціню і прыгажосць для нашчадкаў? Такія няпростыя праблемы хвалююць лесніка Косціка Міхалапа, які ўступае ў схватку з раскрадальнікамі.

Пад час чарнобыльскай катастрофы Анатоль Бароўскі працаваў уласным карэспандэнтам газеты «Чырвоная змена» па Гомельскай вобласці і часова – у хойніцкай раённай газеце. Штодзённа знаходзіўся ў зоне, быў каля разбуранага чацвёртага блока, гутарыў з людзьмі розных прафесій. На аснове гэтых расказаў напісана яго кніга публіцыстыкі «Чорны бусел – белы цень» пра энергетыкаў-ліквідатараў гомельшчыны, якая выходзіць 1997 годзе.

У выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў 2002 годзе ўбачыла свет кніга фантастычна-фантасмагарычных аповесцяў і апавяданняў «Пякельны рай». Творы, якія ўвайшлі ў гэты зборнік вызначаюцца шчырасцю і дабрынёй, узвышанасцю і глыбокім аналізам герояў і вобразаў, якія на мяжы містыкі і рэальнасці, паміж Космасам і Зямлёй.

У 2010 годзе выходзіць яго новы дакументальны раман на рускай мове «Мы – Юницкие». Галоўны герой рамана – Анатоль Юніцкі – геніяльны навуковец і вынаходнік. Абапіраючыся на ідэі К. Цыялкоўскага аб шырокамаштабным засваенні космаса ў будучыні, распрацаваў і прапанаваў чалавецтву свой шлях развіцця з дапамогай агульнапланетнага транспартнага сродку. Раман распавядае не толькі пра космас, але і пра лёсы Юніцкіх на працягу трох стагоддзяў, пра гісторыю роднага Палескага краю.

Чытайце кнігі Анатоля Бароўскага ў нашых бібліятэках
Вверх