Главная | Библиопалитра | Літаратурны каляндар | Гамолка Мікола

Гамолка Мікола

95 гадоў з дня нараджэння

Гамолка Мікола (Мікалай Іванавіч, 1922-1992) – пісьменнік, драматург, перакладчык. З’яўляўся членам Саюза пісьменнікаў СССР з 1946 года.

Нарадзіўся 11 сакавіка ў вёсцы Брынёў Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Вучыўся на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1939-1940, завочна ў 1948-1952). У 1940-1946 гг. служыў у Савецкай Арміі, дзе прайшоў шлях ад радавого да камандзіра ўзвода. Доўгі час працаваў рэдактарам у Дзяржаўным выдавецтве БССР, літсупрацоўнікам рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», загадчыкам аддзела ў «Чырвоная змена», адказным сакратаром часопіса «Бярозка». З 1967 г. – адказны сакратар Камісіі па Дзяржаўных прэміях БССР пры Савеце Міністраў рэспублікі.

Распачаў літаратурную дзейнасць М. Гамолка яшчэ ў даваенны час. Першыя вершы надрукаваў у 1937 годзе (бабруйская газета «Камуніст»). Паэзія юнака не была часовым захапленнем і выпадковасцю. Абуджала пісаць вершы прыгажосць палескай зямлі, багатай гераічнай мінуўшчынай, яркімі непаўторнымі талентамі. Не малую ролю адыграла і добразычлівае слова М. Танка, П. Глебкі, В. Віткі, з якімі М. Гамолка сустракался ў час вайны ў Маскве.

Аўтар зборнікаў вершаў «Зварот шчасця» (1946) і «Б’юць куранты» (1950). Паасобныя вершы пакладзены на музыку.

Адначасова пачынае паспяхова працаваць у жанры прозы ў першую чаргу для дзяцей і юнацтва. Убачылі свет аповесці «Лета ў Калінаўцы» (1950) і «Добры дзень, школа» (1953).

Абедзве гэтыя аповесці вызначаюцца займальнасцю, цікавай выдумкай, уменнем жыццёва, рамантычна расказваць аб паводзінах юных герояў, падзеях з іх жыцця, вучобы. У аповесцях узнімаюцца і пытанні маралі, выхавання дзяцей у сям’і і школе.

З гадамі пашыраеца ў жанравым і тэматычным плане кола творчых інтарэсаў пісьменніка. Ён піша кнігу «Шосты акіян» (1959), якая аб’ядноўвае навукова-фантастычную аповесць «За вялікую трасу» і раман «Цытадэль неба». Аўтар пьесы «Бітва ў космасе» (пастаўлена ў 1963).

У 1960 годзе ён выдае зборнік апавяданняў «Шлях адкрыты», ізноў звяртаючыся да вечнай праблемы бацькоў і дзяцей, пошукаў ідэала, на якім выхоўваюць падрастаючае пакаленне. У апавяданнях няма сумнай павучальнасці, якія часта адштурхоўваюць падлеткаў ад кнігі.

З семідзясятых гадоў Мікола Гамолка звяртаецца да адлюстраванне падзей Вялікай Айчыннай вайны. Выходзяць у свет яго аповесці «Дзяўчына ішла па вайне» (1972), «Лясная крэпасць» (1980), «Сокалы-сакаляняты» (1987). У 1989 годзе выйшла другая кніга першай аповесці, якая называлася «Партызанскія сёстры».

Адна з важнейшых асаблівасцей гэтых «ваенных» аповесцей – іх дакументальная аснова. У дзвюх кнігах «Дзяўчына ішла па вайне» і «Партызанскія сёстры» прасочваецца складаны лёс семнаццацігадовай камсамолкі Ніны Воранавай, якая ўключаецца з сябрамі ў барацьбу за сваё права на жыццё і шчасце ў ім, трапляе пры гэтым у складаныя сітуацыі. Невыпадкова гаворка ідзе не толькі пра трагічныя падзеі, але і першае каханне.

Галоўныя героі прыгодніцкай аповесці «Лясная крэпасць» чатырнаццацігадовы падлетак Ціток і настаўнік Вадзім Мікалаевіч Мурашка. У час Вялікай Айчыннай вайны яны змагаліся з фашыстамі на Палессі. Ратуючыся ад ворагаў, трапляюць на востраў. Героі пачынаюць жыццё, нібы сапраўдныя Рабінзоны, здзейснілі шмат прыгод.

Васіль Быкаў, азнаёміўшыся з аповесцю адзначыў: «Лясная крэпасць» – вострасюжэтны твор для дзяцей. Аўтару ўдалося добра пабудаваць інтрыгу, стварыць прывабныя вобразы нашых людзей і агідных акупантаў. Дзеянне разгортваецца паволі і дасягае кульмінацыі ў самым канцы, што спрыяе павелічэнню займальнасці твора. Самай вялікай удачай яго, аднак, трэба лічыць вобраз хлопчыка Цітка – абаяльная сіла якога роўная яго мужнасці».

Чытайце кнігі Міколы Гамолкі ў нашых бібліятэках
Вверх