Главная | Библиопалитра | Літаратурны каляндар | Хвалей Яўген Іванавіч

Хвалей Яўген Іванавіч

70 гадоў з дня нараджэння

Яўген Іванавіч Хвалей – беларускі паэт, крытык, публіцыст. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Нарадзіўся 1 студзеня 1947 года ў вёсцы Белькаўшчына Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння Мікалаеўшчынскай сярэдняй школы (1965) працаваў будаўніком, у рэдакцыі стаўбцоўскай раённай газеты «Прамень». Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1971). Настаўнічаў, працаваў у выдавецтве «Народная асвета», Мінскім абласным Доме народнай творчасці, на Беларускім радыё і тэлебачанні. З 1985 года – старшы рэдактар выдавецтва «Юнацтва».

Свае першыя творы пачаў друкаваць у 1963 годзе ў раённай газеце «Прамень». Аўтар кніг паэзіі «Ярына» (калектыўны зборнік «Нашчадкі», 1979), «Прычасце» (1983), «Зялёны прамень аеру» (1987), «Квадраты памяці» (1992), «Прыстань віцінаў» (1996). Дзецям прысвечаны яго казкі і вершы кніг «Насціны гасціны» (1989), «Каця на планеце радапедаў» (1997), «Дзіва-сны дзяўчынкі Вікі» (2002). У перыядычным друку яго ведаюць як крытыка.

У 1991 годзе ў выдавецтве «Юнацтва» выйшла аповесць Я. Хвалея пад незвычайнай назвай «Пацукі». Гэта яго першы твор у жанры прозы. Сюжет аповесці незвычайны: у школе, дзе вучацца дзевяцікласніцы Таня Касмылёва і Вераніка Рагозіна, здарыўся няшчасны выпадак… Паступова завастраючы сюжэт, аўтар закранае многія праблемы сучаснай школы. З’яўленне гэтага твора выклікае рэзананс сярод чытачоў старэйшага школьнага ўзросту і настаўнікаў.

Напісаўшы аповесць «Пацукі», Я. Хвалей вырашыў далей прасачыць лёс галоўных герояў. Так з’явіліся яшчэ дзве аповесці «Гадзюка. Якая ж ты гадзюка» і «Узвіжанне, або Вяртанне да сабе».

Тры гэтыя аповесці былі аб’яднаныя ў адзіны твор пад назвай «Прынцэса тусоўкі», у якім аўтар падымае сур’ёзныя праблемы сучаснай рэчаіснасці, найперш школьнай моладзі. Раскрываецца тэма так званых тусовак, школьнай наркаманіі і таксікаманіі. Адна з гераінь твора праходзіць якраз такі шлях, які заканчваецца не толькі яе асабістым падзеннем, але і драмай для аднакласнікаў.

Другая аповесць «Анжэла з Былькаў», якая таксама ўвайшла ў кнігу «Прынцэса тусоўкі», – у нейкай ступені працяг папярэдняй. У ёй раскрыта тэма абітурыентаў 90-х, паказана, як можа паламацца жыццё юнага чалавека за месяц здачы ўступных экзаменаў.

Чытайце кнігі Яўгена Хвалея ў нашых бібліятэках
Вверх